|
|
|
|

|
|

|
|
|
| Сьвятая Эванэлія паводля сьв. Матауша |
РАЗДЗЕЛ 16
1. І прыступілі да яго фарызэі і садуцэі ды, спакушаючы, прасілі яго, каб паказаў ім знак з неба. 2. Але ён сказаў ім у адказ: Калі настане вечар, вы кажаце: "Пагода будзе, бо неба чырвонае", 3. а раніцай: "Сягоння непагадзь, бо неба хмарна чырванее". Дык воблік неба вы пазнаваць умееце, а знакаў часу пазнаць ня можаце? 4. Род нягодны і чужаложны знаку шукае, а знак яму ня будзе дадзены, апрача знаку Ёны прарока. І пакінуўшы іх, адыйшоў. 5. Калі-ж вучні ягоны пераплылі на той бок мора, забыліся ўзяць хлеба. 6. Ён сказаў ім: Глядзеце, сьцеражэцеся закісі фарызэяў і садуцэяў. 7. Яны-ж думалі сабе, кажучы: Гэта таму, што мы не ўзялі хлеба. 8. А Езус, ведаючы тое, кажа: Чаму-ж вы думаеце сабе, малаверныя, што ня маеце хлеба? 9. Няўжэ яшчэ не разумееце і ня помніце аб пяці хлябох на пяць тысяч асоб і колькі кашоў вы набралі? 10. Ані аб сямі хлябох на чатыры тысячы людзей і колькі кашоў вы назбіралі? 11. Якжа-ж вы не цяміце, што не аб хлебе я вам гаварыў: Сцеражэцеся закісі фарызэяў і садуцэяў? 12. Тады зразумелі, што ён казаў сьцерагчыся не закісі хлебнае, але навукі фарызэяў і садуцэяў. 13. Прыйшоўшы-ж у землі Цэзарэі Філіпавай, пытаўся ў сваіх вучняў, кажучы. За каго людзі маюць Сына чалавечага? 14. Яны-ж кажуць: Адны за Яна Хрысьціцеля, другія за Гальяша, іншыя-ж за Ярэмію, або за аднаго з прарокаў. 15. Сказаў ім Езус: А вы за каго мяне маеце? 16. Адказваючы Сымон Пётр сказаў: Ты Хрыстус, Сын Бога жывога. 17. А Езус адзываецца, кажучы яму: Багаслаўлёны ты, Сымоне, сыне Ёны, бо ня цела і кроў аб'явілі табе, але Айцец мой, які ёсьць у небе. 18. І я табе кажу, што ты ёсьць Пётр (скала), і на гэтай скале збудую эклезію маю і брамы пекла не перамогуць яе. 19. І табе дам ключы валадарства нябеснага і што толькі звяжаш на зямлі, будзе звязана і ў небе, а што развяжаш на зямлі, будзе развязана і ў небе. 20. Тады загадаў сваім вучням, каб нікому не казалі, што ён ёсьць Езус Хрыстус. 21. Ад таго часу пачаў Езус выяўляць сваім вучням, што трэба яму ісьці ў Ерузалім і шмат цярпець ад старшых і кніжнікаў і першасьвятараў ды быць забітым, а на трэці дзень згробуўстаці. 22. Пётр-жа, ўзяўшы яго, пачаў пярэчыць яму, кажучы: Пашкадуй сябе, Усеспадару, ня будзе з табою гэтага! 23. Ён-жа, абярнуўшыся, сказаў Пятру: Адыйдзі ад мяне, шатан! Ты для мяне спакуса, бо ня думаеш аб тым, што Божае, але што чалавечае. 24. Тады Езус сказаў сваім вучням: Калі хто хоча ісьці за мною, хай адрачэцца ад самога сябе, і возме крыж свой ды йдзе за мною. 25. Бо хто-б хацеў усьцерагчы душу сваю, загубіць яе, а хто-б загубіў жыцьцё сваё дзеля мяне, знойдзе яго. 26. Якая-ж бо карысьць чалавеку, хоць-бы ён увесь сьвет здабыў, а душы сваёй пашкодзў? Або якую замену дасьць чалавек за душу сваю? 27. Бо Сын чалавечы прыйдзе ў славе Айца свайго з анёламі сваімі і тады аддасьць кожнаму водле чынаў яго. 28. Сапраўды кажу вам: Ёсьць некаторыя з стаячых тут, якія не спазнаюць сьмерці, пакуль ня ўбачаць Сына чалавечага, прыходзячага ў валадарсьцьве сваім. |
|
|
|
|
|

|
|

|
|
|
|
|