Галерэя
        фотахроніка жыцьця а. Аляксандра

     "Пра малітву" (MP3, 3Mb)
        з уступу а.Аляксандра Надсана
        да малітаўніка "Госпаду памолімся"

 

 

 

 


» » » » Сьвятая Эванэлія паводля сьв. Матауша


 

 

Сьвятая Эванэлія паводля сьв. Матауша

0102030405060708091011121314
15161718192021222324252627
28

РАЗДЗЕЛ 17
1.    А пасьля шасьці дзён узяў Езус Пятра, Якуба і Яна, брата ягонага, ды завёў іх асобна на гару высокую.
2.    І перамяніўся перад імі: заясьнеў воблік ягоны як сонца й адзеньне яго стала белае, бы сьнег.
3.    І вось з'явіліся ім Майзей і Гальяш, гаворачыя з ім.
4.    Пётр-жа, адазваўшыся, сказаў да Езуса: Усеспадару, добра нам тут быць! калі хочаш, сладзім тут тры гасподы сьвятыя: табе адну, Майзею адну і Гальяшу адну.
5.    Калі ён яшчэ гаварыў, воблак ясны асланіў іх, а вось голас з воблаку гаворачы: "Гэта Сын мой улюбёны, ў якім мая мілаўспадоба, яго слухайце".
6.    І вучні, пачуўшы, ніцам палі й вельмі спалохаліся.
7.    Езус-жа, прыступіўшы да іх, дакрануўся й сказаў: Устаньце, ня бойцеся.
8.    І, падняўшы вочы свае, яны нікога ня бачылі, апрача аднаго Езуса.
9.    А як зыйходзілі яны з гары, загадаў ім Езус, мовечы: Нікому не кажэце аб відзеным, пакуль Сын чалавечы ня згробуўстане.
10.    І выпытваліся ў яго вучні, кажучы: Дык чаму-ж кніжнікі гавораць, што перш павінен прыйсьці Гальяш?
11.    Ён-жа ў адказ ім гавора: Гальяш-то прыйдзе і направіць усё.
12.    Ады-ж кажу вам, Гальяш ужо прыйшоў, і не пазналі яго ды зрабілі з ім што хацелі. Так і Сын чалавечы цярпеціме ад іх.
13.    Тады вучні зразумелі, што гаварыў ім аб Яне Хрысьціцелю.
14.    А калі прыйшоў да народу, прыступіўся да яго чалявек і, ўпаўшы перад ім на калені, казаў:
15.    Усеспадару, зжалься над сынам маім, бо ён люнатык і цяжка мучыцца: часта падае ў вагонь, а часта ў воду.
16.    Я прыводзіў яго да тваіх вучняў і не маглі яго аздаравіць.
17.    Езус-жа, адказваючы, сказаў: О родзе няверны й разбэшчаны! Дакуль-жа я буду з вамі? Дакуль цярпеціму вас? Прывядзеце мне яго сюды.
18.    І насварыўся на яго Езус і выйшаў з яго нячысты і аздаравеў хлапец з тае гадзіны.
19.    Тады прыступілі да Езуса вучні насамоце й сказалі: Чаму мы не маглі яго выгнаць?
20.    Сказаў ім Езус: Дзеля няверы вашае. Бо сапраўды кажу вам, калі мецімеце веру, як зерне гарчычнае, скажаце гэтай гарэ: "Перайдзі адгэтуль туды", дык пяройдзе, і нічога для вас ня будзе немагчымага.
21.    Гэты бо род ня выганяецца йнакш, як толькі малітвай і постам.
22.    Калі-ж яны прабывалі ў Галілеі, сказаў ім Езус: Сын чалавечы мае быць выданы ў рукі людзей,
23.    і заб'юць яго, а на трэці дзень згробуўстане. І яны моцна зажурыліся.
24.    А калі прыйшлі ў Кафарнаум, падыйшлі да Пятра тыя, што збіралі дыдрахмы і сказалі яму: Ці ваш вучыцель ня плаціць дыдрахмы?
25.    Ён кажа: Аякжа. І калі ўвайшоў у дом, Езус папярэдзіў яго, кажучы: Як табе здаецца, Сымоне? Уладары зямныя з каго бяруць даніну або падатак, із сваіх сыноў, ці з чужых?
26.    Адказвае Пётр: з чужых. Езус кажа яму: Дык сыны вольныя.
27.    Але, каб нам іх ня згоршыць, ідзі на мора ды закінь вуду й тую рыбу, якая пападзе перша, вазмі й, адчыніўшы яе рот, знойдзеш статэра; узяўшы яго, дай ім за мяне і за сябе.

 

 


 

 

 

 

Напісаць ліст