|
|
|
|

|
|

|
|
|
| Сьвятая Эванэлія паводля сьв. Матауша |
РАЗДЗЕЛ 21
1. А калі прыбліжаліся да Ерузаліму й прыйшлі да Бэтфагэ пры Аліўнай гары, тады Езус паслаў двух вучняў, 2. кажучы ім: Ідзеце ў сяло, што напроць вас, і знойдзеце зараз прывязаную асліцу, а з ёй асьлянё; адвяжэце й прывядзеце ка мне. 3. А калі-б вам хто што гаварыў, скажэце, што яны патрэбны Усеспадару і зараз пусьціць іх. 4. Гэта ўсё сталася, каб збылося сказанае праз прарока, гаварыўшага (Захар. 9, 9): 5. Скажэце дачцэ Сыёнскай: "Вось да цябе йдзе валадар твой ціхі, седзячы на асьліцы й асьляці, сыне пад'ярэмнай". 6. Вучні пайшлі й зрабілі так, як ім загадаў Езус. 7. Прывялі асьліцу й асьлятка, ўзлажылі на іх свае вопраткі, і ўзрыхтавалі яму сесьці вярхом. 8. А грамада вялізарная слала свае вопраткі на дарозе, а другія сьціналі галінкі з дрэваў ды слалі іх на дарозе. 9. Гурма, йшоўшая паперадзе і ззаду, крычала, кажучы: Госанна сыну Давідаваму! Багаслаўлёны, што прыйходзіць у імя Госпадава! Госанна ў высях! 10. І калі ўехаў у Ерузалім, заварушылася ўсё места, гаворачы: Хто гэта? 11. Народ-жа адказваў: Гэта Езус, прарок з Назарэту Галілейскага. 12. І ўвайшоў Езус у святыню Божую ды павыганяў усіх прадаючых і купляючых у сьвятыні ды абярнуў сталы спэкулянтаў і рыштунак тых, што галубоў прадавалі; 13. і казаў ім: "дом мой домам малітвы звацімецца, а вы зрабілі з яго прытон разбойнікаў" (Із. 56, 7; Ер. 7, 11). 14. І прыступілі да яго ў сьвятыні сьляпыя й кульгавыя і ён аздаравіў іх. 15. А першасьвятары і кніжнікі, бачачы дзіва, якое тварыў, ды воклікі дзяцей кажучых: "Госанна сыну Давідаваму!" – абурыліся 16. і сказалі яму: Чуеш, што яны гавораць? Езус-жа кажа ім: Так, ці-ж вы ніколі ня чыталі, што "з вуснаў дзетак і сысункоў Ты ўчыніў хвалу" (Пс. 8, 3). 17. І пакінуўшы іх, выйшаў проч з гораду у Бэтанію і там астаўся. 18. А нараніцы, вяртаючыся ў горад, пачуў голад. 19. І ўгледзеўшы пры дарозе адно фіговае дрэва, падыйшоў к яму і, не знайшоўшы на ім нічога, апрача толькі лісьця, сказаў яму: Хай-жа з цябе плод ніколі ня родзіцца навекі! І фіга зараз-жа ссохла. 20. А вучні, ўбачыўшы, дзівіліся й гаварылі: Як-жа хутка яна ссохла! 21. Езус-жа сказаў ім на гэта: Сапраўды кажу вам: калі-б вы мелі веру і ня сумняваліся, ня толькі зробіце гэта з фіговым дрэвам, але калі-б і гэтай гарэ сказалі: "Узніміся й кінься ў мора", – станецца. 22. І ўсё, чаго толькі прасіцімеце ў маліцьве, веручы — атрымаеце. 23. А як прыйшоў у сьвятыню й навучаў, прыступілі да яго вышэйшыя святары і старшыя народу, кажучы: Якою уладаю ты гэта робіш? І хто табе даў гэтую ўладу? 24. Езус, адказваючы, гавора ім: Спытаюся й я ў вас аднаго слова, калі вы мне яго скажаце, дык і я вам скажу, якою уладаю я гэта раблю. 25. Хрост Яна скуль быў, з неба, ці з людзей? Яны-ж мяркавалі сабе: 26. Калі скажам: "З неба", дык ён нам скажа: Чаму-ж вы не паверылі яму? А калі скажам: "З людзей", баязно грамады, ўсе бо мелі Яна за прарока. 27. І ў адказ Езусу сказалі: Ня ведаем. Гавора ім так-жа і ён: І я вам не скажу, якою ўладаю раблю я гэта. 28. А як вам здаецца? Адзін чалавек меў двух сыноў і, падыйшоўшы да першага, сказаў: Ідзі, сынку, папрацуй сяння ў маім вінаградніку. 29. А той гавора ў адказ: Ня хочу. Потым аднак, раздумаўшыся, пайшоў. 30. І падыйшоўшы да другога, сказаў таксама. Гэтыж, адзываючыся. кажа: Іду, спадарвойча — адыж не пайшоў. 31. Каторы з двух выканаў волю айца? Кажуць яму: Першы. Гавора ім Езус: Сапраўды кажу вам, кунойміты й блудадзейнікі пойдуць перад вамі ў валадарства Божае. 32. Бо прыйшоў да вас Ян шляхом справядлівасьці й вы не паверылі яму, а кунойміты й блудадзеі паверылі яму; вы-ж, бачыўшы гэта, не пакаяліся, каб паверыць яму. 33. Паслухайце другое прыповесьці: Быў чалавек гаспадар, які засадзіў вінаграднік, абгарадзіў яго плотам, выкапаў у ім вінатоку, пабудаваў вежу і, аддаўшы яго земляробам, выехаў. 34. Калі-ж надыйшла пара пладоў, ён паслаў сваіх слугаў да вінаградароў, каб атрымаць свае плады. 35. Але вінаградары, схапіўшы ягоных слуг, аднаго пабілі, другога забілі, а іншага ўкамянавалі. 36. Ізноў паслаў іншых слугаў, болей чым першых, і з імі зрабілі гэтаксама. 37. Уканцы-ж паслаў да іх сына свайго, кажучы: Ушануюць сына майго. 38. Адыж вінаградары, убачыўшы сына, гавораць адзін другому: Гэта насьледнік, пойдзем, заб'ём яго і будзем мець ягону спадчыну. 39. І схапіўшы яго, выкінулі вон із вінаградніка ды забілі. 40. Калі вось-жа прыйдзе гаспадар вінаградніка, дык што зробіць з тымі вінаградарамі? 41. Кажуць яму: Злыдняў люта выгубіць, а вінаграднік свой аддасьць у арэнду іншым вінаградарам, якія аддавацімуць яму плады ў сваю пору. 42. Кажа ім Езус: Няўжэ ня чыталі вы ніколі ў Пісанні (Пс. 117, 22): "Камень, які адкінулі будаўнічыя, той стаўся галавою вугла. Ад Госпада гэта сталася і дзіўна яно ў вачох нашых"? 43. Таму кажу вам: будзе аднята ад вас валадарства Божае і дасцца народу, што творыць плады яго. 44. А хто ўпадзе на гэты камень, разаб'ецца, і на каго ён упадзе — расчавіць. 45. І калі пачулі ягоны прыповесьці першасьвятары і фарызэі, зразумелі, што гаварыў аб іх. 46. І хацелі схапіць яго, але баяліся гушчаў народу, бо мелі яго за прарока. |
|
|
|
|
|

|
|

|
|
|
|
|