|
|
|
|

|
|

|
|
|
| Сьвятая Эванэлія паводля сьв. Матауша |
РАЗДЗЕЛ 6
1. Высьцерагайцеся даваць субожыну вашу перад людзьмі, каб яны бачылі вас, ато ня будзеце мець нагароды ад Айца вашага, што ёсьць у небе. 2. Дык ты, калі абдараеш, ня трубі перад сабою, як гэта робяць крывадушнікі ў бажніцах і на вуліцах, каб хвалілі іх людзі. Сапраўды кажу вам: яны атрымалі сваю заплату. 3. А ты, як робіш дарэнне, хай левая рука твая ня ведае, што робіць правая, 4. каб дарэнне тваё было ў скрытнасьці, і Айцец твой, які бачыць у скрытнасьці, аддасьць табе. 5. І калі моліцеся, ня будзьце, як крывадушнікі, якія любяць у бажніцах і на вуглох вуліц стоячы маліцца, каб іх людзі бачылі; сапраўды кажу вам: яны атрымалі сваю нагароду. 6. А ты як молішся, ўвайдзі ў сьвятліцу сваю і, зачыніўшы дзьверы, маліся да Айца твайго ў скрытнасьці і Айцец твой, які бачыць утоенае, аддасьць табе. 7. А молячыся не гаварэце лішне, як пагане, бо яны думаюць, што ў многаслоўі сваім будуць выслуханы. 8. Ня будзьце падобны да іх, бо ваш Айцец ведае, чаго вам трэба, перш, чым у яго папросіце. 9. Малецеся-ж вось гэтак: Ойча наш, каторы ёсьць у небе, сьвяціся імя Тваё, 10. прыдзі валадарства Тваё, будзь Твая воля, як у небе, так і на зямлі. 11. Хлеба нашага штодзеннага дай нам сяння. 12. і адпусьці нам віны нашы, як і мы адпушчаем вінаватым нашым 13. і ня ўводзь нас у пакусу, але збаў нас ад злога. Амэн. 14. Бо калі вы адпусьціце людзям віну іхнюю, то і вам адпусьціць Айцец ваш нябесны праступкі вашы. 15. А калі не даруеце людзям, то і Айцец ваш не даруе вам правінаў вашых. 16. А як посьціце, ня будзьце, як крывадушнікі, гмырлівыя, бо яны насупліваюць сваё аблічча, каб паказацца перад людзьмі, што посьцяць. Папраўдзі кажу вам, яны дасталі нагароду сваю. 17. А ты, калі посьціш, намасьць галаву сваю ды абмый твар свой, 18. каб ня людзям паказацца посьцячым, але Айцу свайму, які ёсьць у скрытнасьці, і Айцец твой, што відзіць у скрытнасьці, аддасьць табе. 19. Ня збірайце сабе скарбаў на зямлі, дзе іржа і моль з'ядае, ды дзе зладзеі падкопваюць і крадуць, 20. але збірайце скарбы ў небе, дзе ані іржа, ані моль ня глуміць і дзе зладзеі не крадуць. 21. Бо дзе скарб твой, там і сэрца тваё. 22. Светачам цела твайго ёсьць тваё вока. Калі вока тваё будзе шчырае, то ўсё цела тваё будзе сьветлае. 23. А калі вока тваё будзе нягоднае, то ўсё цела тваё будзе цёмнае. Дык калі сьвятло, што ў табе, ёсьць цемрай, то якая-ж вялікая будзе сама цемра? 24. Ніхто ня можа двом паном служыць, бо або аднаго ненавідзеціме, а другога любіціме, або да аднаго прыхінецца, а другога зняхаіць. Ня можаце Богу служыць і мамоне. 25. Вось чаму і кажу вам: ня журэцеся аб жыцьці вашым што будзеце есьці, ані аб целе вашым у вошта адзецца. Ці-ж душа не важнейшая за пажыву, а цела за адзежу? 26. Паглядзеце на птушкі нябесныя, што ня сеюць, ані жнуць, ані збіраюць у сьверні, адыж Айцец ваш нябесны корміць іх. Ці-ж вы ня варты многа болей за іх? 27. Дый хто з вас можа сваёю турботай дадаць да ўласнага ўзросту адзін локаць? 28. І аб адзенні нашто турбавацца? Гляньце на лілеі ў полі, як яны растуць: не працуюць, не прадуць; 29. а я вам кажу, што і Салямон ва ўсёй славе сваёй ня быў гэтак адзеты, як адна з іх. 30. Калі-ж палявую траву, якая сяння ёсьць, а заўтра кідаецца ў печ, Бог так адзяе, то куды болей вас малаверных? 31. Дык не клапацецеся, кажучы: "Што будзем есьці, або што будзем піць, ці ў вошта адзявацімемся?" 32. бо ўсяго гэтага пагане шукаюць. Дый Айцец ваш ведае, што ўсяго гэтага вам патрэба. 33. Дык шукайце перш валадарства Божага й справядлівасьці яго, а гэнае ўсё будзе вам дададзена. 34. Вось-жа ня турбуйцеся пра заўтрашняе, бо заўтрашні дзень сам аб сабе турбавацімецца. Хопіць на кожын дзень свае бяды. |
|
|
|
|
|

|
|

|
|
|
|
|