|
|
|
|

|
|

|
|
|
| Сьвятая Эванэлія паводля сьв. Матауша |
Пераклаў і падаў выясненні Кс Др ПЁТР ТАТАРЫНОВІЧ Рым — 1954, алічбоўваньне і транслітэрацыя: а. Алесь Аўдзяюк
РАЗДЗЕЛ 1
1. Кніга радаводу Езуса Хрыста, сына Давідавага, сына Абрагамавага. 2. Абрагам спарадзіў Ізаака, Ізаак спарадзіў Якуба. Якуб спарадзіў Юду й братоў ягоных. 3. Юда спарадзіў Фарэса і Зару ад Тамары. Фарэс спарадзіў Эзрона, Эзрон спарадзіў Арама. 4. Арам спарадзіў Амінадаба. Амінадаб-жа спарадзіў Наасона. Наасон спарадзіў Сальмона. 5. Сальмон-жа спарадзіў Бооза ад Рагабы. А Бооз спарадзіў Обэд ад Рут. 6. Обэд спарадзіў Ессэ. А Ессэ спарадзіў Давіда караля. Давід-жа кароль спарадзіў Салямона з тае, што была Урыявай. 7. Салямон спарадзіў Робоама. Робоам спарадзіў Абію. Абія спарадзіў Асу. 8. Аса-ж спарадзіў Ёзафата. Ёзафат спарадзіў Ёрама. А Ёрам спарадзіў Озію. 9. Озія спарадзіў Ёатама. А Ёатам спарадзіў Ахаза. Ахаз-жа спарадзіў Эзэхію. 10. Эзэхія спарадзіў Манассэса. А Манассэс спарадзіў Амона, Амон-жа спарадзіў Ёзію. 11. А Ёзія спарадзіў Ехонія і братоў ягоных перад перамяшчэннем у Бабілён. 12. А пасьля перамяшчэння ў Бабілён Ехоні спарадзіў Салятіэля. Салятіэль-жа нарадзіў Зарабабэля. 13. А Зарабабэль спарадзіў Абіюда. Абіюд спарадзіў Эліакіма, Эліакім-жа спарадзіў Азора. 14. Азор спарадзіў Садока. А Садок спарадзіў Ахіма. Ахім спарадзіў Эліуда. 15. Эліуд спарадзіў Элеазара. Элеазар спарадзіў Матгана. А Матган спарадзіў Якуба. 16. Якуб спарадзіў Язэпа, мужа Марыі, з якое нарадзіўся Езус, што называецца Хрыстус. 17. Гэтак усіх радоў ад Абрагама да Давіда чатырнаццаць. І ад Давіда да перамяшчэння Бабілёнскага радоў чатырнаццаць. І ад перамяшчэння ў Бабілён да Хрыстуса радоў чатырнаццаць. 18. А з нарадзінамі Хрыста было гэтак: Па заручынах Маці Ягонай Марыі з Язэпам, перад тым як сышліся, выявілася, што яна ўжэ мела ў сабе з Духа Святога. 19. Язэп-жа, ейны муж, быў чэсным, і ня хочучы яе знеслаўляць, маніўся сэкрэтна пакінуць яе. 20. Адыж яктолькі гэта падумаў, вось анел Божы з'явіўся, яму ўва сьне й сказаў: Язэпе, сыне Давідавы, ня бойся прыняць Марыю, тваю сужэнку, гэны бо засьнітак у ёй ёсьць з Духа Святога. 21. Вось-жа народзіць сына, і дасі імя яму Езус, ён бо збавіць людзей сваіх ад грахоў іхніх. 22. А ўсё гэта здарылася, каб збылося Госпадам сказанае праз прарока гаворачага: 23. "Вось дзяўчо меціме ў нутры сваім і народзіць сына, і дадуць імя яму Эммануэль" гэта знача: Бог з намі (Із. 7, 14). 24. Устаўшы зо сну Язэп зрабіў як загадаў яму анел Божы, і прыняў сваю сужэнку. 25. І не пазнаваў яе дакуль не нарадзіла сына свайго першароднага, і даў імя яму: Езус. |
|
|
|
|
|

|
|

|
|
|
|
|