|
|
|
|

|
|

|
|
|
| Сьвятая Эванэлія паводля сьв. Матауша |
РАЗДЗЕЛ 22
1. І адазваўшыся Езус гаварыў ім зноў у прыповесьцях, кажучы: 2. Падобным сталася валадарства нябеснае чалавеку каралю, які справіў вясельле свайму сыну. 3. І паслаў слуг сваіх клікаць запрошаных на вясельле, і не хацелі прыйсьці. 4. Ізноў паслаў іншых слуг, наказваючы: Скажэце запрошаным: "Вось я прыгатаваў абед мой, валы мае й кормнікі зарэзаны ды ўсё гатова; прыходзьце на вясельле". 5. Але яны ня дбалі й пайшлі — хто ў сваю сялібу, а хто да гандлю свайго; 6. другія-ж схапілі слуг ягоных ды, наздзекаваўшыся, пазабівалі. 7. Калі-ж пачуў аб гэтым кароль, загневаўся і, паслаўшы сваё войска, выгубіў гэных забойцаў, а места іх спаліў. 8. Тады кажа слугам сваім: Вясельле-то гатова, адыж прошаныя ня былі дастойны. 9. Дык ідзеце на росстані і каго толькі сустрэнеце, клічце на вясельле. 10. І слугі ягоныя, выйшаўшы на дарогі, сабралі ўсіх, каго толькі знайшлі, благіх і добрых, — і вясельле было поўнае гасьцей. 11. Увайшоў кароль паглядзець на гасьцей і ўбачыў там чалавека няўбранага ў вясельнае адзенне. 12. Дый кажа яму: Як ты, дружа, ўвайшоў сюды не ў вясельнай вопратцы? Той-жа маўчаў. 13. Тады сказаў кароль слугам: Звязаўшы яму рукі й ногі, выкіньце ў цемру вонкавую, там будзе плач і скрыгот зубоў. 14. Многа бо пакліканых, да мала выбраных. 15. Тады фарызэі, адыйшоўшыся, зрабілі нараду, як-бы яго злавіць на слове. 16. І паслалі да яго сваіх вучняў з Гэрэдыянамі, сказаць. Вучыцель, мы ведаем, што ты праўдамоўны і на дарогу Божу папраўдзе настаўляеш дый на нікога не зважаеш, бо не аглядаесся на асобу людзкую, 17. дык скажы-ж нам, як табе здаецца, гадзіцца даваць падатак цэзару, ці не? 18. Адыж Езус, пазнаўшы іхні подступ, сказаў: Чаму спакушаеце мяне, крывадушнікі? 19. Пакажэце мне падаткавую манэту. Яны прынясьлі яму дэнара. 20. Кажа ім Езус: Чый гэта воблік і надпіс? 21. Гавораць яму: Цэзараў. Тады сказаў ім: Дык аддайце цэзарава цэзару, а Божае Богу. 22. Пачуўшы гэта, яны здзівіліся і, пакінуўшы яго, адыйшлі. 23. У той дзень прыступілі да яго садуцэі, што гавораць: няма згробуўстання, і спыталіся ў яго, 24. кажучы: Вучыцель, Майзей сказаў: "Калі-б хто памёр, ня маючы сына, то брат ягоны хай ажэніцца з яго жонкай ды адродзіць патомства свайму брату" (Паўт. Пр. 25, 5). 25. Было-ж у нас сямёх братоў: першы, ажаніўшыся, памёр і, ня маючы патомства, пакінуў жонку брату свайму. 26. Гэтаксама другі і трэйці аж да сёмага. 27. А ўканцы пасьля ўсіх памярла й жонка. 28. Дык пры згробуўстанні чыёю з сямёх будзе яна жонкай? Бо-ж усе мелі яе. 29. Езус у адказ гавора ім: Вы мыляецеся, ня ведаючы Пісанняў, ані моцы Божае. 30. Бо пры згробуўстанні ані жэняцца, ані замуж ідуць, а будуць як Божыя анелы ў небе. 31. Дый аб згробуўстанні мяртвых ці-ж вы ня чыталі, што было Богам сказана, які гавора: 32. "Я Бог Абрагама, і Бог Ізаака, і Бог Якуба"? (Выйсь. 3, 6) Ня ёсьць-жа Бог памёршых, але жывых. 33. І, чуючы гэта, дзівіўся народ з навукі ягонай. 34. Фарызэі-ж, пачуўшы, як прымусіў садуцэеў замоўкнуць, сышліся разам 35. і спытаўся яго адзін з іх вучоны ў законе, прабуючы яго: 36. Вучыцель, якое найбольшае прыказанне ў законе? 37. Сказаў яму Езус: "Любі Госпада Бога твайго усім сэрцам тваім, і ўсёю душою тваёю, і ўсёю думкаю тваёю" (Паўт. Пр. 6, 5). 38. Гэта ёсьць першае й найбольшае прыказанне. 39. Другое-ж — гэтаму падобнае: "Любі твайго бліжняга, як сябе самога" (Лев. 19, 18). 40. На гэтых двух прыказаннях грунтуецца ўвесь закон і прарокі. 41. Калі-ж сышліся фарызэі, спытаўся ў іх Езус, 42. кажучы: Што вы думаеце аб Хрысьце? Чый ён сын? Кажуць яму: Давідаў. 43. Гавора ім: Дык як-жа Давід у духу заве яго Усеспадарам, кажучы: 44. "Сказаў Госпад майму Усеспадару: сядзі праваруч мяне, пакуль палажу ворагаў тваіх падножжам ног тваіх" (Пс. 109, 1)? 45. Дык калі Давід заве яго Усеспадарам, як-жа ёсьць сынам ягоным? 46. І ніхто ня мог яму адказаць ні слова, і ніхто ня сьмеў адтаго болей у яго пытацца. |
|
|
|
|
|

|
|

|
|
|
|
|