|
|
|
|

|
|

|
|
|
| Сьвятая Эванэлія паводля сьв. Матауша |
РАЗДЗЕЛ 28
1. А пасьля сыботы, на сьвітанні першага дня ў тыдні, прыйшла Марыя Магдалена і другая Марыя паглядзець гробу. 2. І вось зрабілася вялікае землятрасенне, анел бо Госпадаў зыйшоў з неба і, прыступіўшы, адваліў камень ды сеў на ім. 3. А быў воблік ягоны як маланка, акрыцьцё-ж – як сьнег. 4. І ад страху перад ім жахнулася варта й сталася як няжывая. 5. Адазваўшыся-ж анел сказаў жанчынам: Ня бойцеся, ведаю бо, што шукаеце Езуса, які быў укрыжаваны. 6. Няма яго тут, ён згробуўстаў, як сказаў. Хадзеце й паглядзеце месца, дзе Ўсеспадар быў паложаны. 7. Ды йдзеце хутка, скажэце вучням ягоным, што згробуўстаў; і вось ідзе перад вамі ў Галілею, там яго ўбачыце. Гэта запавяшчаю вам. 8. І выйшаўшы борзда із гробу, пабеглі з трывогай і радасьцю вялікай, паведаміць ягоных вучняў. 9. Прымеж таго спатыкае іх Езус, кажучы: Прывет вам! Яны-ж прыступіліся й абнялі ногі яго ў паклоне яму. 10. Тады сказаў ім Езус: Ня бойцеся! Ідзеце, паведамце братоў маіх, каб ішлі ў Галілею; там мяне ўбачаць. 11. Як яны адыйшлі, вось некаторыя з вартаўнікоў прыбеглі ў горад і паведамілі вышэйшых сьвятароў аб усім, што сталася. 12. Тыя-ж сабраўшыся з старшынамі й парадзіўшыся, далі стражніком даволі грошай, 13. угаварваючы: Кажэце, што вучні ягоны ўначы прыйшлі ды ўкралі яго, як мы спалі. 14. А калі-б дайшло гэта да начальніка, мы яго пераканаем і зробім вас бясьпечнымі. 15. Яны-ж, ўзяўшы грошы, зрабілі так, як былі навучаны. І праняслося гэтае слова паміж юдэямі аж па сянняшні дзень. 16. Адзінаццаць-жа вучняў пайшлі ў Галілею, на гору, куды сказаў ім Езус. 17. І ўбачыўшы яго, пакланіліся; а некаторыя сумняваліся. 18. Езус, падыйшоўшы, прамовіў да іх, кажучы: Дадзена мне ўся ўлада на небе й на зямлі. 19. Ідзеце вось-жа й навучайце ўсе народы, хрысьцячы іх у імя Айца і Сына і Духа Святога, 20. ды вучачы іх спаўняць усёчыста што я загадаў вам. А вось я з вамі праз усе дні, аж да сканчэння сьвету. |
|
|
|
|
|

|
|

|
|
|
|
|