|
|
|
|

|
|

|
|
|
| Сьвятая Эванэлія паводля сьв. Матауша |
РАЗДЗЕЛ 3
1. А ў гэныя дні прыйшоў Ян Хрысціцель, навучаючы ў пустыні Юдэйскай 2. і кажучы: Пакутуйце, бо наблізілася валадарства нябеснае. 3. Гэта бо той, аб якім гаварыў прарок Ізай (40, 3) кажучы: "Голас клічучага ў пустыні: рыхтуйце дарогу Усеспадара, прастуйце сцежкі Ягоны". 4. Сам-жа Ян меў адзежу з вярблюдавай шэрсці й раменны пояс на сваёй паясніцы, а ядою ягонай была жамяра і лясны мёд. 5. Тады выйходзіў да яго Ерузалім, і ўся Юдэя, і ўвесь край каля Ярдану, 6. і хрысціліся ў яго ў Ярдане, спавядаючыся з грахоў сваіх. 7. А бачачы многа фарызэяў і садуцэяў, якія йшлі да яго хрысціцца, казаў ім: Родзе гадавы, хто вам паказаў уцякаць ад надыходзячага гневу? 8. Чынеце-ж плод дастойны пакуты. 9. І ня важцяся гаварыць самы ў сабе: "Айца маем Абрагама", бо кажу вам, Бог можа з гэтых каменняў падняць сыноў Абрагаму. 10. Бо ўжэ й сякера да карэння дрэваў прыложана: дык кожная дзерава, якое не дае добрага плоду, будзе сцята й кінута ў вагонь. 11. Я то хрышчу вас вадою на пакуту, але той, што па мне прыйдзе, дужэйшы за мяне і я ня варт нясці абутак ягоны. Ён вас хрысціціме ў Духу Святым ды ў вагні. 12. Веялка яго ў руцэ ягонай і ачысціць свой ток, і збярэ пшаніцу сваю ў сверан, а мякіну спаліць агнём няўгасным. 13. Тады прыйшоў Езус з Галілеі на Ярдан, да Яна, каб у яго хрысціцца. 14. Адыж Ян не дапускаў яго, кажучы: Я павінен быць ахрышчаны табою, а ты прыходзіш ка мне? 15. Але Езус сказаў яму ў вадказ: Пакінь цяпер, бо гэтак нам выпадае споўніць усю справядлівасць. Тады дапусціў яго. 16. І ахрышчаны Езус зараз-жа выйшаў з вады – і вось адчынілася яму неба і ўвідзеў Духа Божага, які спускаўся, бы голуб, і зыходзіў на яго. 17. А вось голас з неба гаворачы: Гэта сын мой мілы, ў якім маю ўпадобу. |
|
|
|
|
|

|
|

|
|
|
|
|