РАЗДЗЕЛ 13
1. У той дзень Езус, выйшаўшы з дому, сядзеў ля мора. 2. І зыйшліся да яго вялікія грамады, так што ён увайшоў у човен і сеў, а ўся грамада стаяла на беразе. 3. І шмат гавырыў ім у прыповесьцях, кажучы: Вось выйшаў, што сее, сеець. 4. І калі ён сеяў, адны упалі пры дарозе, і наляцелі птушкі паднебныя ды падзяўблі іх. 5. А іншыя упалі на месца камяністае, дзе ня мелі шмат зямлі; і незабаўна узыйшлі, зямля бо была няглыбокая. 6. Калі-ж узыйшло сонца, павялі і, ня маючы кораня, пасохлі. 7. Іншыя-ж упалі ў цярнінў, і разбуяла цярніна ды заглушыла іх. 8. Іншыя-ж упалі на добрую землю і далі плод: адно соты, другое шэсьцьдзесяты, іншае трыццаты. 9. Хто мае вушы, каб слухаць, хай слухае. 10. І прыступіўшыся вучні сказалі яму: Нашто гаворыш ім у прыповесьцях? 11. Ён у вадказ сказаў ім: Затым, што вам дадзена пазнаць тайніцы валадарства нябеснага, а ім ня дадзена. 12. Бо хто мае, таму дасцца й прыбавіцца, а хто ня мае, ў таго адымецца й тое, што мае. 13. Дзеля таго гавару да іх у прыповесьцях, што гледзячы ня бачаць і слухаючы ня чуюць ды не разумеюць. 14. І збываецца на іх прароцтва Ізаія (6, 9-10), які кажа: "Слухам слухацімеце й не зразумееце, і зрокам глядзецімеце й ня ўбачыце. 15. Агрубела бо сэрца гэтага народу і вушамі з натугаю чуюць ды заплюшчылі вочы свае, каб часам ня ўбачыць вачыма ды не пачуць вушыма, і не зразумець сэрцам ды не навярнуцца, каб я не аздаравіў іх". 16. Вашыя-ж вочы шчасьлівыя, бо бачаць, і вушы вашыя, бо чуюць. 17. Бо сапраўды кажу вам, што многія прарокі й справядліўцы жадалі бачыць, што вы відзіце й ня бачылі, ды чуць што вы чуеце й ня чулі. 18. Вось-жа паслухайце прыповесьці пра сяйбіта, 19. Да ўсякага. хто слухае слова аб валадарсьцьве й не разумее, прыходзіць Злы і вырывае што пасеена ў ягоным сэрцы: гэта той што пасеены пры дарозе. 20. А хто пасеены на месцы камяністым, гэта той, што слухае слова і зараз-жа з радасьцю прыймае яго, 21. але ня мае карэння ў сабе, ёсьць нясталы, дык як прыходзіць бяда, напасьць за слова, зараз горшыцца. 22. А пасеенае ў цярніне, гэта той, хто слухае слова, адыж турботы гэтага сьвету й мана багацьця заглушае слова й робіцца яно бясплодным. 23. Пасеена-ж на добрай зямлі, гэта той, хто слухае слова і разумее, ён-то й плод прыносіць – і дае адно соты, другое шэсьцьдзесяты, а іншае трыццаты. 24. Другую прыповесьць падаў ім, кажучы: Валадарства нябеснае сталася падобным да чалавека, які пасееў добрае насенне на сваім полі. 25. Калі-ж людзі спалі, прыйшоў вораг ягоны, насееў кукалю між пшаніцаю ды пайшоў. 26. Калі-ж узрасло збожжа і прынясло плод, тады паказаўся й куколь. 27. Прыйшоўшы-ж слугі гаспадара сказалі яму: Спадару, ці-ж ты ня добрае насенне пасееў на сваім полі? Адкуль-жа ўзяўся куколь? 28. Кажа ім: Варожы чалавек гэта зрабіў. Слугі-ж сказалі яму: хочаш, пойдзем і выпалем яго. 29. А ён гавора: Не, каб часам выбіраючы куколь, вы ня павырывалі разам і пшаніцы. 30. Пакінце расьці абое аж да жніва, а ў пару жніва скажу жанцом: Збярэце перш куколь і вязэце яго ў вязкі, каб спаліць, а пшаніцу злажэце ў гумно маё. 31. Іншую прыповесьць расказаў ім, кажучы: Падобна валадарства нябеснае да зернеці гарчычнага, якое чалавек узяў і пасееў на сваім полі. 32. Яно, праўда, найменшае з усяго насення, але як вырасьце, бывае большым за ўсе агародніны і робіцца дзеравам, так што птушкі нябесныя прылятаюць і жывуць у ягоным гальлі. 33. Іншую прыповесьць дадаў ім: Валадарства нябеснае падобнае да рошчыны, якую жанчына ўзяўшы ўлажыла ў тры меркі мукі, пакуль усё ня ўкісьне. 34. Усё гэтае гаварыў Езус да грамадаў у прыповесьцях, і бяз прыповесьцяў не гаварыў ім, 35. каб спраўдзілася, што было сказана праз прарока, які кажа: "Адчыню ў прыповесьцях вусны мае, выкажу скрытае ад стварэння сьвету" (Пс. 77, 2). 36. Тады, адправіўшы народ, увайшоў у дом. І прыступілі да яго вучні ягоныя, кажучы: Раз'ясьні нам прыповесьць аб кукалі на полі. 37. Ён-жа ў адказ гавора ім: Той, хто сее добрае насенне ёсьць Сын чалавечы. 38. А поле – гэта сьвет, добрае-ж зерне -гэта сыны валадарства, а куколь – сыны благога. 39. Вораг-жа, што насееў яго – гэта дзябал, а жніва – гэта канец сьвету, жанцы – гэта анелы. 40. Вось-жа як збіраюць куколь і паляць агнём, так будзе пры сканчэнні сьвету. 41. Пашле Сын чалавечы сваіх анёлаў і збяруць з яго валадарства ўсе згаршэнні й тых, што робяць нягоднасьць, 42. і ўкінуць іх у печ агню, там будзе плач і скрыгот зубоў. 43. Тады справядліўцы заззяюць, як сонца, ў валадарсьцьве іх Айца. Хто мае вушы, каб слухаць, хай слухае. 44. Падобнае валадарства нябеснае да скарбу, схаванага ў полі, які чалавек знайшоўшы прыкрывае і з радасьці ад гэтага йдзе ды прадае ўсё, што мае й купляе гэнае поле. 45. Зноў-жа падобнае валадарства нябеснае да чалавека купца, які шукае добрых пэрлаў. 46. Знайшоўшы-ж адну дарагую пэрлу, пайшоў і прадаў усё што меў ды купіў яе. 47. Яшчэ падобнае валадарства нябеснае да неваду, закіненага ў мора й загарнуўшага ўсякага роду рыбы; 48. калі ён быў поўны, выцягнулі яго, і пасеўшы на беразе, выбралі добрую ў пасудзіны, а дрэнную выкінулі вон. 49. Гэтак будзе пры сканчэнні сьвету: выйдуць анелы і выдзяляць благіх спасярод справядлівых 50. ды ўкінуць іх у печ вагністую; там будзе плач і ськрыгот зубоў. 51. Ці вы зразумелі ўсё гэта? Кажуць яму: Так. 52. Сказаў ім: Дзеля таго кожны кніжнік, навучаны аб каралеўсьцьве нябесным, падобны ёсьць да чалавека гаспадара, які дастае із свае скарбніцы новае і старое. 53. І сталася, калі Езус скончыў гэтыя прыповесьці, адыйшоў адтуль. 54. І прыйшоўшы ў сваю бацькаўшчыну, навучаў іх у іхніх бажніцах, так што дзівіліся й казалі: Адкуль гэтая мудрасьць у яго ды цуды? 55. Ці-ж ён ня сын цесьляра? Ці-ж Матка ягона не завецца Марыя і браты яго: Якуб і Язэп і Сымон і Юда? 56. А сёстры ягоныя ці-ж ня ўсе ў нас? Дык адкуль у яго ўсё гэта? 57. І бянтэжыліся да яго. Езус-жа сказаў ім: Прарок ня бывае без пашаны, хіба толькі на бацькаўшчыне яго ды ў доме ягоным. 58. І ня здзееў там шмат цудаў дзеля няверы іхняй. |