|
|
|
|

|
|

|
|
|
| Сьвятая Эванэлія паводля сьв. Матауша |
РАЗДЗЕЛ 8
1. Калі-ж-зыйшоў з гары, пайшла за ім вялізная грамада. 2. І вось запракажаны, падыйшоўшы, кланяўся яму, кажучы: Усеспадару, калі хочаш, можаш мяне ачысьціць. 3. Езус, працягнуўшы руку, дакрануўся да яго і кажа: Хачу, будзь ачышчаны. І зараз-жа была ачышчана ягоная праказа. 4. І сказаў яму Езус: Глядзі, нікому не расказвай, але йдзі пакажыся сьвятару ды ахвяруй дар, які загадаў Майзей, на пасьветчанне ім. 5. Калі-ж увайшоў у Кафарнаум, падыйшоў да яго сотнік, просячы яго 6. і кажучы: Усеспадару, слуга мой ляжыць дома спараліжаваны й цяжка мучыцца. 7. І сказаў яму Езус: Я прыйду й аздараўлю яго. 8. А сотнік, адказваючы, гавора: Усеспадару, я ня варт, каб ты ўвайшоў пад мой дах, але скажы толькі словам і аздаравее слуга мой. 9. Бо і я чалавек пастаўлены пад уладай, маючы пад сабою вояў, і кажу аднаму: "Ідзі" – і ён ідзе, а другому: "Прыйдзі" - і ён прыйходзіць, ды слузе майму: "Рабі гэта" – і ён робіць. 10. А, пачуўшы Езус, здзівіўся й сказаў да тых, што йшлі за ім: Сапраўды кажу вам, не знайшоў я гэткае вялікае, веры ў Ізраэлю. 11. І кажу вам, што многія прыйдуць з усходу ды засядуць з Абрагамам, Ізаакам і Якубам у каралеўстве нябесным, 12. а сыны каралеўства будуць выкінуты ў цемру надворную, там будзе плач і скрыгот зубоў. 13. І сказаў Езус сотніку: Ідзі, як ты ўверыў, так табе хай і станецца. І ачуняў слуга ў тую гадзіну. 14. А як прыйшоў Езус у дом Пятра, убачыў цешчу ягону, ляжачую ў гарачцы, 15. і дакрануўся да ейнай рукі й пакінула яе гарачка, і яна устала й паслугоўвала ім. 16. Калі-ж настаў вечар, шмат напрыводзілі да яго абянтэжаных злым духам. І выганяў духаў словам ды аздараўляў хворых усіх, 17. каб споўнілася, што было сказана праз Ізаю прарока, які кажа: "Ён прыняў нашы немачы й насіў нашыя хваробы" (53, 4). 18. Відзячы-ж навокал сябе шмат народу, загадаў Езус пераплыць на другі бок мора. 19. І падыйшоўшы адзін кніжнік, сказаў яму: Вучыцелю, пайду за табою, куды-б ты ні пайшоў. 20. І сказаў яму Езус: Лісы маюць норы і птушкі нябесныя гнёзды, а Сын чалавечы ня мае дзе галавы прытуліць. 21. Другі-ж з вучняў ягоных сказаў яму: Усеспадару, дазволь мне перш пайсьці й пахаваць бацьку майго. 22. А Езус сказаў яму: Ідзі за мною і пакінь умерлым хаваць сваіх нябожчыкаў. 23. І калі ён увайшоў у лодку, паўходзілі за ім і вучні ягоныя. 24. І вось усхадзілася вялікая бура на моры, аж лодку хвалі залівалі, а ён спаў. 25. Тады прыступілі да яго вучні і збудзілі яго, кажучы: ратуй нас Усеспадару, гінем! 26. І кажа ім Езус: Чаго вы гэтак баіцеся, малаверлівыя? Тады ўстаўшы, загадаў вятром і мору й зрабілася вялікая цішыня. 27. І, дзівячыся, людзі гаварылі: Хто ён такі, што і вятры і мора слухаюць яго? 28. Калі-ж пераплыў на другі бераг у краіну Гэразэнаў, насустрэч яму выбеглі з магілаў два маючыя дзябальства, вельмі лютыя, так што ніхто не адважваўся прайходзіць тою дарогай. 29. І вось яны закрычалі: што табе да нас, Езусе, Сыне Божы? Прыйшоў ты сюды перадчасна мучыць нас? 30. А недалёка ад іх пасьвіўся вялікі гурт сьвіней. 31. Дык чэрці прасілі яго: Калі згэтуль нас выганяеш, пашлі нас ў гэны гурт сьвіней. 32. І сказаў ім: Ідзеце. Яны-ж, выйшаўшы, ўвайшлі ў свінне. І вось усенькі гурт кінуўся стрымгалоў у мора і захлынуўся вадою. 33. Пастухі-ж паўцякалі й, прыйшоуўшы ў горад, расказалі аб усім ды аб тых, што мелі нячысьцікаў. 34. І вось увесь горад выйшаў насустрэч Езусу ды, ўбачыўшы яго, прасілі, каб адыйшоў ад іхніх рубяжоў. |
|
|
|
|
|

|
|

|
|
|
|
|